ТОП-10 самых старых зданий в Беларуси

0
23672

Мало кто знает, что вовсе не Мирский или Несвижский замки являются наиболее старыми постройками в Беларуси. А ведь на нашей земле есть здания с почти тысячелетней историей. Предлагаем вашему вниманию иллюстрированный ТОП самых древних и таинственных архитектурных сооружении на белорусской земле.

Запытайся ў каго, каторыя помнікі архітэктуры ў нас найстарэйшыя, дык назавуць які Мірскі ці Нясвіжскі замак. Гэта натуральна — бо згаданыя абекты найбольш рэкламаваныя, цяпер абодва замкі аднаўляюцца, паломніцтва турыстаў туды не спыняецца круглы год. Аднак Мірскі замак, паводле самых смелых падлікаў, пачаў будавацца ў 1506 годзе, Нясвіжскі — у 1583-м. Няўжо няма нічога старэйшага? Ёсць! Паспрабуем пералічыць у храналагічным парадку тыя будынкі, дзе захавалася прынамсі істотная частка аўтэнтыкі. У асноўны рэйтынг дзеля роўнасці не будзем браць драўляныя пабудовы і падмуркі храмаў. Па часе абмяжуемся прамежкам да XV стагоддзя ўключна, распавядае «Звязда». Такім чынам..

1. Полацк. Сафійскі сабор, каля 1050 г. Найстарэйшы беларускі горад, які ўпершыню згадваецца ў летапісах у 862 годзе, трымае першынство і тут. Сафійскі сабор быў збудаваны ў прамежку між 1044-66 гадамі за князем Усяславам Чарадзеем. Перажыўшы колькі пажараў ды перабудоваў, храм датрываў ажно да XVІІІ стагоддзя, пакуль у Полацк не наведаўся рускі цар Пётр І.

— Добра выпіўшы, адзначаючы свае імяніны 29 чэрвеня 1705 года, Пётр з Меншыкавым і некалькімі афіцэрамі ўчынілі ў Сафіі крывавую расправу над уніяцкімі святарамі, — распавядае пісьменнік-гісторык Уладзімір Арлоў. — Манахаў, якія адмовіліся падпарадкавацца пянаму грубіяну, засеклі шаблямі проста ў храме, а попел развеялі над Дзвіной… У Сафіі зрабілі вайсковы склад. Роўна 300 гадоў таму, 1 мая 1710 года, тут выбухнуў порах… На думку некаторых гісторыкаў, Пётр загадаў наўмысна знішчыць Сафію, каб пазбавіць беларусаў гэтай святыні…

У 1738-50-х гадах Сафію адбудаваў геніяльны Ян Глаўбіц — не ў першасным выглядзе, а ў вынайдзеным тады стылі віленскага барока. Глаўбіц максімальна захаваў рэшткі сцен і апсіды, уключыўшы іх у новы храм, сіметрычна паўтарыўшы з іншага боку. Сёння гэтая дзевяціметровая апсіда, якую можна агледзець з сярэдзіны Сафіі — найстарэйшая мураваная пабудова ў Беларусі. Дарэчы, літаральна гэтымі днямі Сафія зачыняецца на рэстаўрацыю: заменяць дах, вокны. На час працаў турыстам усярэдзіну ўваходу не будзе. Аднак, хто прыедзе ў Полацк у гэты перыяд, майце на ўвазе: рэстаўратары пакінулі колькі кавалкаў старажытнай апсіды незатынкаванымі звонку: калі стаяць тварам да ўваходу ў храм, іх можна пабачыць з правага боку, проста на дварэ.

2. Віцебск. Дабравешчанская царква, 1120-30-я гг. Менавіта такія даты часта сустракаюцца ў энцыклапедыях. Аднак аўтарытэтная даследчыца архітэктуры Тамара Габрусь лічыць, што Дабравешчанская царква нават старэйшая за Спаса-Еўфрасіннеўскую ў Полацку! І што памылкова — адносіць яе да Полацкай школы дойлідства, а выпадае казаць якраз пра перайманне архітэктуры гэтага храма!..

Царква неаднаразова перабудоўвалася, а ў 1961 годзе камуністы знішчылі ўнікальны помнік. Спачатку дакладна абмералі і сфатаграфавалі, а пасля ўзарвалі… У незалежнай Беларусі, у 1992 годзе, царква была адноўленая, у яе ўключаныя захаваныя старажытныя сцены вышынёй да некалькіх метраў, якія можна пабачыць як з сярэдзіны храма, гэтак і звонку — іх абачліва не затынкавалі.

3. Полацк. Спаса-Еўфрасіннеўская царква, між 1128 і 1150 гг. Гэты храм — найстарэйшы ў Беларусі будынак з тых, што захаваліся амаль у першасным выглядзе. Яго між 1128 і 1156 гадамі збудаваў дойлід Іаан на замову Святой Еўфрасінні Полацкай, унучкі Усяслава Чарадзея. Царква пасля пабудовы стала саборным храмам Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. У ёй была келля Найпадобнай Еўфрасінні, якая цудоўна захавалася да нашых дзён. Засталіся ў царкве і ўнікальныя фрэскі, якім больш за сем стагоддзяў! Адметна, што літаральна ў мінулым месяцы ў Полацку ўсталявалі помнік дойліду Іаану, а новы праспект горада назвалі яго імем.

4. Гродна. Барысаглебская царква (Каложа), да 1183 г. Збудаваная ў другой палове ХІІ стагоддзя, да 1183 года (першая згадка) на высокім правым беразе Нёмана побач з Замкавай гарой. Гэта і загубіла Каложу: 2 красавіка 1853 года палова храма абрынулася ў Нёман… На мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў царкву аднавілі: знішчаную частку выканалі з дрэва. Так храм выглядае і сёння. І гэта вельмі арыгінальна: кожны чалавек можа пабачыць на свае вочы пакручастую гісторыю гэтага ўнікальнага храма. Цяпер ідуць дэбаты, як аднаўляць Каложу: ці проста паднавіць драўляную частку, ці дабудоўваць з цэглы? Мяркую, апошні варыянт проста знішчыць гэтую непаўторную адметнасць… Між іншым, з ХІІ стагоддзя захавалася шмат мазаічных крыжоў на сценах, выкладзеных з валуноў ды каляровых маёлікавых пліт: ёсць да чаго дакрануцца!..

5. Камянец. Белая вежа, між 1276 і 1288 гг. Вежа — помнік абарончага дойлідства, збудаваная паміж 1276 і 1288 гадамі на пагорку, які быў абнесены валам з драўлянымі ўмацаваннямі. Вышыня вежы 30 метраў (як дзевяціпавярховы дом!), дыяметр — 13,5 метра, таўшчыня сцен — 2,5 метра. Вежа збудаваная з чырвонай і жоўтай цэглы. «Белай» яе назвалі толькі ў ХІХ стагоддзі расійскі гісторык Карцаў і мясцовы святар Паеўскі, якім чамусьці падалося, што вежу раней бялілі. Аднак дакументальных сведчанняў гэтага няма.

Цалкам белай вежа зрабілася ў сярэдзіне ХХ стагоддзя, за савецкім часам. Мясцовыя ўлады рыхтаваліся да чарговых святаў і вырашылі перастрахавацца, пабяліўшы вежу: каб розныя камісіі і дэлегацыі не дачапіліся да «не таго» колеру сцен… Адмылі вежу ўжо ў незалежнай Беларусі брэсцкія альпіністы і камянецкія ратаўнікі, аднавіўшы гістарычную справядлівасць.

6. Наваградак. Замак, сярэдзіна XІІІ ст. Наваградак — першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага. Тут у 1253 годзе каранавалі князя Міндоўга. Выходзіць, што замак пачаў будавацца раней за гэтую дату, недзе ў сярэдзіне ХІІІ стагоддзя. Паводле іншых звесткак, каранацыя была яшчэ ў драўляным замку.

Замак не страчваў свае абарончае функцыі ажно да 1710 года, калі яго спалілі шведы… Да сёння дайшлі рэшты толькі дзвюх вежаў (усяго было сем). Цэнтральная, або Шчытавая — тая, што захавалася найбольш, можна агледзець яе мур, вокны, байніцы. Другая захаваная частка належыць вуглавой альбо касцельнай вежы — бо знаходзіцца найбліжэй да Фарнага касцёла.

Якраз цяпер ідзе дыскусія, якім чынам кансерваваць ці аднаўляць Наваградскі замак. Зразумела, што «дабудоўваць» яго нельга — гэта парушыць усе прынятыя ў свеце правілы захавання помнікаў архітэктуры. Аднак меры прымаць трэба, бо без кансервацыі замак можа быць страчаны. Таму нядаўна Міністэрства культуры пастанавіла ўсе сродкі ад латарэі «Скарбніца» пускаць на аднаўленне замка. Кошт латарэйкі роўны кошту цагліны. Дык пакладзем жа кожны па сімвалічнай цаглінцы на аднаўленне Наваградскага замка!

7. Ліда. Замак, 1323 г. Лідскі замак будаваў у 1323-28 гг. Князь Гедымін. Цягам некалькіх стагоддзяў гэта была наймагутнейшая крэпасць на заходніх землях Беларусі.

Замак вытрымаў шмат аблогаў, у выніку чаго сцены былі пашкоджаныя, а вежы і ўнутраная забудова знішчаныя цалкам. Аднак большая частка сценаў выстаяла: не дзіўна, бо яны маюць больш за 12 метраў вышыні і да 2 метраў таўшчыні!

Ужо колькі дзесяцігоддзяў замак аднаўляецца. Прычым спачатку аднаўленне ішло з няякаснай цэглы, якую цяпер давялося разабраць. Сёлета ў Лідзе адбудуцца «Дажынкі» — дзеля гэтага на замак вылучаныя значныя сродкі. Ёсць спадзяванне, што Лідскі замак нарэшце паўстане ва ўсёй сваёй велічы і харастве!..

8. Крэва (Смаргонскі раён). Замак, да 1338 г. Крэўскі замак, збудаваны каля 1338 года, — сакральнае месца для Беларусі і былой Літвы: тут вырашаўся лёс усяе Еўропы, што сведчыць пра нашу непарыўную супольную гісторыю і значнасць нашай зямлі. У вежы замка (якая часткова захавалася) 15 жніўня 1382 года па загадзе Ягайлы быў задушаны ягоны дзядзька, князь Кейстут (каб не складаў канкурэнцыю ва ўладзе). А роўна праз тры гады, 14 жніўня 1385 года, у гэтай самай вежы была падпісаная Крэўская унія, пасля якой Ягайла здабыў права ажаніцца з польскаю каралеўнаю Ядзвігаю і зрабіцца польскім каралём! Ад таго часу Ягайла назваўся «каралём Польшчы, вярхоўным князем Літоўскім і дзедзічам Рускім».

Замак стаіць у руінах некалькі апошніх стагоддзяў: ужо ў пачатку ХІХ стагоддзя ён быў у занядбаным стане, а мясцовыя жыхары пачалі разбіраць яго на камяні. Гэтаксама, як некалі гэтыя камяні сюды насілі. З XІV стагоддзя да нас дайшоў праклён: «Каб ты ўсё жыццё збіраў камяні на Крэўскі замак». Пры будове замка сапраўды было правіла, што кожны, хто праязджаў праз мястэчка, мусіў прывезці камяні на замак, спаганялі і з мясцовых жыхароў.

Нават закінуты, Крэўскі замак уражвае сваімі 12-метровымі сценамі, якія маюць таўшчыню да 2,5 метра. Хочацца верыць, што разам з аднаўленнем іншых замкаў (Мір, Нясвіж, Косава, Ружаны, Наваградак, Ліда) — дойдуць рукі і сюды. Крэўскі замак мусіць быць гонарам нашай краіны!

9. Уселюб (Навагрудскі раён). Касцёл Святога Казіміра, да 1433 г. Збудаваў касцёл ва Уселюбе Ян Няміра, канюшы Вялікага князя Вітаўта. З вядомай даты вынікае, што гэта — самы стары касцёл Беларусі. Аднак храм быў значна перабудаваны ў ХІХ стагоддзі — прынамсі вежа ў сённяшнім выглядзе зявілася менавіта тады…

Першапачаткова касцёл ва Уселюбе будаваўся як каталіцкі храм Яна Хрысціцеля. Ад 1576 па 1642 год зяўляўся кальвінскім зборам, пасля зноўку стаўся касцёлам і быў асвечаны ў імя Святога Казіміра.

У 1986 годзе касцёл моцна пацярпеў ад пажару, быў адноўлены ў 1988 годзе. Уселюбскі касцёл — найбольш ранні ўзор готыкі ў мураваным каталіцкім будаўніцтве ў Беларусі.

10. Ішкалдзь (Баранавіцкі раён). Траецкі касцёл, да 1472 г. Гэты храм — самы стары ў Беларусі касцёл з тых, якія не былі перабудаваныя. Першая згадка — 1472 год. Гэта значыцца, што да таго часу касцёл ужо быў — і, верагодна, можа памятаць нават Вітаўта Вялікага!

Пашкоджаны храм быў толькі аднойчы — у часе вайны з Масковіяй 1654-57 гадоў. Як і касцёл ва Уселюбе, у другой палове XVІ стагоддзя гэты храм быў прыстасаваны пад кальвінскі збор, у 1641 годзе вернуты каталікам. Пасля паўстання Каліноўскага, як і многія касцёлы, імперскія ўлады аддалі Ішкалдзь… На гатычны касцёл начапілі недарэчную цыбуліну…

Унутранае ўбранне храма ў выніку перадачаў у розныя веры не захавалася. Аднак тут можна пабачыць цікавы вітраж найноўшага часу: людзі, якія едуць у чорнай машыне. Ксёндз Мацей ахвотна распавядае кожнаму, што гэта — рэальная гісторыя. За савецкім часам сюды прыехалі НКУСаўцы зачыняць і руйнаваць храм, але людзі літаральна на каленях пераканалі гэтага не рабіць. Другі наступ быў яшчэ больш брутальны: прыгналі тэхніку, бульдозеры. Тады вернікі леглі проста пад колы. Начальнік загадаў кіроўцу ехаць — проста па людзях. Аднак кіроўца выскачыў і сказаў: «Хочаш — едзь сам, я па людзях не паеду!» Гэтую гісторыю старыя жыхары пераказваюць і цяпер.

А яшчэ ксёндз Мацей апавядзе вам трагічную гісторыю ксяндза Вінцэнта Латарэвіча. У 1919 годзе камуністы патрабавалі, каб ксёндз выракся веры. Святар адмовіўся. За гэта 19 сакавіка 1919 года яго жорстка забілі — адвезлі ў Мір, адсеклі галаву і выкінулі ў замкавую студню. Вернікі цішком выцягнулі забітага ксяндза і пахавалі каля Ішкалдскага касцёла…

…Дарэчы, знайсці Ішкалдзь лёгка. Многія бачылі на Брэсцкай трасе агромністую скульптуру зубра на мяжы трох абласцей — Мінскай, Брэсцкай і Гродзенскай. Дык вось, Ішкалдзь знаходзіцца літаральна некалькі кіламетраў управа (калі ехаць з Мінска). Аднак патрапіць туды можна толькі праз старую брэсцкую трасу, таму ўзбройвайцеся мапай!

МАЙ НА ЎВАЗЕ

З рознымі агаворкамі (дзе руіны, дзе падмурак…) да спіса можна дадаць:

Геранёны (Іўеўскі раён). Руіны замка, канец XV—пачатак XVІ ст. На вялікі жаль, усё, што засталося ад замка, — невялікія кавалкі вежаў 1-2 метры ў вышыню…

Брэст, археалагічны музей «Бярэсце», рэшткі драўлянай забудовы XІ—XІІІ ст. Захаваліся пабудовы са сценамі да 7-12 вянцоў.

Гродна. Стары замак, XІІ—XІX ст. Ад першапачатковага замка ацалелі толькі падмуркі і часткі сцен, іншае пабудавана значна пазней.

Наваградак. Фарны касцёл, капліцы пачатку XVст. Касцёл у сённяшнім выглядзе пабудаваны ў 1712-23 гг. Аднак у яго абём уключаныя тры ранейшыя капліцы пачатку XV стагоддзя. Дарэчы, у гэтым касцёле 12 лютага 1799 года быў ахрышчаны Адам Міцкевіч.

Тураў (Жыткавіцкі раён). Падмуркі царквы 1170-х гг. Гэтая царква зяўлялася самай буйной мураванай пабудовай на тэрыторыі заходніх земляў старажытнай Русі. Мела даўжыню 29,3 метра, шырыню 17,9 метра. Знішчаная землятрусам 3 мая 1230 года. Цяпер падмуркі расчышчаныя, над імі збудаваны павільён, кожны ахвотны можа агледзець унікальную рэліквію.

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Please enter your comment!
Please enter your name here